Сустрэча з актывам

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з актывам Гродзенскай вобласці, перадае карэспандэнт БелТА.

«У нас не перадвыбарная нарада, сустрэча, сход, – сказаў упачатку кіраўнік дзяржавы. – Проста сітуацыя ў краі­не складваецца такім чынам, што яна мае патрэбу ў канкрэт­ным растлумачэнні, тлумачэн­ні, перш за ўсё для актыву ­краіны».
Прэзідэнт адзначыў, што аналагічная сустрэча раней адбылася ў Магілёве. «Сут­насць сённяшняй сустрэчы з вамі – інфармацыя аб тым, што адбываецца ў нашай краі­не, і адказы на самыя, можа, і непрыемныя пытанні, якія сён­ня існуюць», – звярнуў увагу беларускі лідар.
«Мне заўсёды прыемна прыязджаць на Гродзеншчыну. Гэта цудоўная зямля, самае зручнае месца для жыцця ў нашай краі­не. Калі бачыш дагледжаныя палі, чысціню і парадак (а ў вас так практычна ўсюды), то яшчэ раз сваімі вачамі пераконваешся, што тут жывуць працавітыя людзі, якія шчыра любяць свой край. Гэта, калі хочаце, візітная картка Гродзеншчыны і яе жыхароў», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Пра дабрабыт
і дастатак
«Вам не трэба тлумачыць, што дабрабыту і дастатку можна дабіцца толькі сумленнай і карпат­лівай працай, што багацце не прыходзіць, як кажуць у народзе, «знянацку», – сказаў кіраўнік дзяржавы. А калі і прыходзіць, то такое багацце недаўгавечнае і ніколі не прынясе карысці ў будучым ні чалавеку, ні дзяржаве, адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэс­ліў, што Гродзенская вобласць – асаблівая зямля, пагранічча, заходні фарпост. «Гэтым яна і важ­ная. Вы, як ніхто іншы, адчуваеце на сабе пастаяннае, масіраванае ўздзеянне суседзяў. Але пры гэтым застаяцеся сапраўднымі патрыётамі сваёй краі­ны, якія цвёрда падтрымліваюць курс нашай дзяржавы на суверэннае развіццё», – сказаў Прэзідэнт.

Пра дасягненні Гродзеншчыны
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў савецкі час Гродзеншчына была адной з лепшых абласцей усяго СССР, на яе раўняліся многія, ды і цяпер рэгіён застаецца на лідзіруючых пазіцыях. «Я прыязджаў у многія гаспадаркі, вучыўся тут сельскаму жыццю. У прамысловасці, аграрным комплексе вы заўсёды былі на вачах, гэта быў маяк развіц­ця ў Савецкім Саюзе», – сказаў Прэзідэнт.
Сельскую гаспадарку кіраўнік дзяржавы назваў гордасцю рэгіё­на. Вобласць трывала займае першае месца ў рэспубліцы па тэм­пах вытворчасці сельгаспрадукцыі, ураджайнасці збожжавых. «Ды і ў прамысловасці, дзе, нават нягледзячы на складаную сітуацыю з каранавірусам, практычна ўдалося захаваць аб’ёмы на ўзроўні мінулага года, – заўважыў беларускі лідар. – Гэта потым ацэняць. Цяпер не ўсе зразумеюць, што такое ў гэтай сітуацыі захаваць узровень вытворчасці».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі няма прырод­ных рэсурсаў, дзякуючы продажу якіх можна было б жыць, спыніўшы вытворчасці, і ўсё трэба зарабляць выключна сваёй працай.
Прэзідэнт адзначыў, што за 25 гадоў аб’ём прамысловай вытвор­часці ў вобласці вырас больш як у 4 разы, экспарт тавараў – амаль у 5 разоў. Толькі за дзве апошнія пяцігодкі сярэдняя зарплата па воб­ласці павялічылася амаль у два разы. Пры гэтым па стане на 1 чэр­веня не дапушчана пратэрмінаванай запазычанасці па яе выплаце.
«З 1995 года амаль 115 тыс. сем’яў (з якіх 10 тыс. – шматдзетныя) палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. Забяспечанасць жыллём – адна з самых высокіх у рэспубліцы», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Акрамя таго, за час незалежнасці ў рэгіёне рэалізаваны вялікія інвестыцыйныя праекты ў сферах вытворчасці мінеральных угнаенняў, хімічнай і харчовай прамысловасці, дрэваапрацоўкі.
У бліжэйшы час пачне працаваць Беларуская атамная станцыя – самы маштабны ў гісторыі краіны аб’ект. «Яго значэнне для забеспячэння энергетычнай бяспекі, ды і ў цэлым эканомікі нашай краіны, проста каласальнае», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на дасягненні, расслабляцца рана. Да гэтага часу па Гродзенскай вобласці так і не выкананы чвэрць прэзідэнцкіх даручэнняў, у тым ліку наконт эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага развіцця, імпартазамяшчэння, стварэння працоўных месцаў, добраўпарадкавання і навядзення парадку, будаўніцтва, ЖКГ. «Вы ж умееце ўсё рабіць якасна. Асабліва будаваць. Проста малайцы. Але трэба быць больш актыўнымі», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, важным уяўляецца стварэнне новых вытворчасцей на аснове мясцовай сыравіны ў невялікіх раёнах вобласці, такіх як Воранаўскі, Зэльвенскі і Свіслацкі. «Там жывуць нашы людзі. Гэта цудоўны край. Трэба выкарыстоўваць гэту тэрыторыю, больш актыўна працаваць у малых гарадах», – звярнуў увагу Прэзідэнт.

Пра адкрытасць свету
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што магутны імпульс Гродзенская вобласць атрымала з увядзеннем бязвізавага рэжыму. З гэтага часу рэгіён наведалі амаль 300 тыс. турыстаў, не лічачы расіян. Таму павышэн­не турыстычнай прывабнасці і развіццё інфраструктуры на бязвізавай тэрыторыі Брэст-Гродна – яшчэ адзін з найважнейшых напрамкаў для работы. «Дарэчы, мы ў свой час свядома пайшлі на ўвядзенне бязвізавага рэжыму. Мы разумелі, што гэта нам выгадна», – дадаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, асабліва на Гродзеншчыне разам перапляліся розныя культурныя, нацыянальныя, рэлігійныя традыцыі, якія абумоўліваюць найвышэйшую ступень талерантнасці і ўзаемаразумення людзей, якія тут жывуць. «Калі я гляджу на ваш фестываль (Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. – Заўвага БелТА), радуешся за гродзенцаў. Гэта ваша дасягненне ўпоравень, а можа, і вышэй, чым «Славянскі базар». За гэта дзякуй, малайцы. За гэта нас і паважаюць усюды ва ўсім свеце», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Добавить комментарий