«Яны паміралі дзеля нас»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае глыбокае ідэалагічнае і эмацыянальнае значэнне парада ў гонар 75-годдзя Перамогі. Аб гэтым ён заявіў 3 мая на нарадзе, перадае карэс­пандэнт БелТА.
«Павінен сказаць, што мы не можам адмяніць парад. Проста не можам. Я доўга над гэтым думаў. Вядома, гэта эмацыяналь­ная, глыбока ідэалагічная рэч. Трэба помніць, што тыя людзі (удзельнікі вайны. – Заўвага БелТА) паміралі, можа, і ад вірусаў, іншых хвароб. Але яны гэта не адчувалі часам і аб гэтым не думалі. І паміралі яны дзеля нас, як бы гэта пафасна ні гучала. І падумайце, што скажуць людзі. Можа, не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага, – скажуць, што спалохаліся», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў арганізатараў, што калі будзе прынята гэта прапанова, то «нікога цягнуць на гэта мерапрыемства не трэба». «Не хочуць людзі, баяцца, берагуць здароўе – мы гэта зразумеем. Дастаткова сёння жадаючых – тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэта мерапрыемства прайшло», – падкрэсліў беларус­кі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што сярод жадаючых наведаць парад ёсць і ветэраны Узброеных Сіл. «Удзельнікаў вайны засталося зусім няшмат. Яны разумеюць, і мы павінны іх зберагчы. Хоць яны і першыя запатрабавалі, каб іх прывезлі на гэта мерапрыемства. Зразумела, што ім ужо за 90. Падумаем, як з імі быць. Я прытрымліваюся сваёй тактыкі – старых людзей трэба паберагчы. Мы ўсе бачым, што ўсе гэтыя інфекцыі перш за ўсё чапляюцца за старых, хоць хварэюць і маладыя. Таму нікога на гэта масавае мерапрыемства цягнуць не трэба», – сказаў ­Прэзідэнт.
«Мяне вельмі хвалюе, што людзі не адобраць, калі мы, спалохаўшыся, разбрыдзёмся па норах. І наогул, Беларусь – гэта жывы помнік той вайны. І я думаю, што ў гэты дзень тут маг­лі б прысутнічаць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў», – дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што асобныя расійскія дэпутаты і сенатары таксама выказалі жаданне наведаць парад у Мінску. «Мы вітаем гэта. Няхай прыязджаюць. Калі трэба для гэтага выдзеліць срод­кі сувязі, мы забяспечым. У нас аэрапорт адкрыты. Думаю, мы з кіраўніцтвам Расіі дамовімся аб пералёце жадаючых пабываць у нас. Мы ад нашых сяброў і братоў не закрываем дзверы», – запэўніў беларускі лідар.
У цэлым Прэзідэнт упэўнены, што парад – гэта не самае небяспечнае з пункту гледжання эпідэміёлагаў і вірусолагаў мерапрыемства. «Таму што яно будзе арганізавана як належыць. Аб гэтым мы пазней скажам. Магчыма, і з трыбуны гэтага парада», – сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ні ў мінулыя, ні ў наступныя святы і выхадныя дні абмежаванняў у краіне не ўводзілася, і людзі самі вырашалі, дзе ім быць. «І трэба адзначыць, мы гэта заўважылі, людзі вельмі акуратна ставяцца да свайго здароўя. Неяк разгрупаваліся. Не было гэтага збору людзей», – адзначыў Аляк­сандр Лукашэнка.

Сродкаў аховы і лякарстваў хапае

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, вырашаны ўсе неабходныя пытанні, звязаныя не толькі з бяспекай урачоў у бальніцах, але і на іншых узроўнях. «Усе пытанні для таго, каб лячыць людзей, вырашаны. Сёння ўжо сродкі аховы мы экспартуем. Скажу шчыра, і людзі малайцы. Яны гэту мас­ку не надзяваюць дзе папала. У грамадскіх месцах недзе, у магазін ідуць… Спачатку рынуліся ў аптэкі, скупілі, дэфіцыт. Цяпер гэтага дэфіцыту няма. Мы экспар­туем гэтыя маскі, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Дзякуй кітайцам, Сі Цзіньпіну дзякуй, адгукнуўся на маю просьбу. Прыслаў нам адзін станок, цяпер другі – для масак, рэспіратараў. У нас будуць цэлыя фабрыкі дзякуючы гэтай дапамозе».
«Лякарстваў, як мне міністр дакладвае і не толькі, у нас хапае. Прытым для лячэння самымі сучаснымі новымі спосабамі», – зая­віў Аляксандр Лукашэнка.
«Урачы навучыліся працаваць, і рознымі варыянтамі», – падкрэс­ліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт расказаў, што яму напярэдадні перадалі статыстычныя даныя з падрабязным аналізам. «За 4 месяцы агульная смяротнасць у краіне зменшылася на 1,5 працэнта. Калі кожны квартал будзем утрымліваць 1,5-2 працэнты, то мы на 7-8 працэн­таў змяншаем смяротнасць. Гэта вельмі добры паказ­чык на фоне таго, што ў некаторых дзяржаў смяротнасць пастаянна расце. У нас дынаміка ўніз ужо некаль­кі гадоў», – заявіў кіраўнік ­дзяржавы.
Як было адзначана на нарадзе, па стане на 2 мая зафіксавана 97 смярцей пацыентаў з COVID-19. Пры гэтым за мінулы перыяд года ад хвароб сістэмы кровазвароту памерлі амаль 25 тыс. чалавек, ад анкалогіі – прыкладна 6,4 тыс.
«Але што мяне ўразіла – ад атручэння алкаголем памерлі 482 чалавекі. Самазабойстваў – 470. Ужо амаль 1 тыс. чалавек загінулі ад алкаголю і самазабойстваў. На пажарах загінулі 218 чалавек. На дарогах за 4 месяцы ў аварыях загінулі 163 чалавекі. Патанулі 89 чалавек – амаль столькі, колькі ад розных хвароб, ускладненых COVID-19», – прывёў статыстыку Аляксандр Лукашэнка.
«Але самае галоўнае, што коль­касць загінулых зніжаецца квар­тал да квартала мінулага года, красавік да красавіка мінулага года і гэтак далей», – падкрэсліў беларускі лідар.
«Я гляджу кожныя суткі інфар­мацыю. Сёння атрымаў. Так­сама 9 працэнтаў у нас ад тэсціруе­мых (выяўлена выпадкаў захвор­вання на COVID-19 ад колькас­ці зробленых тэстаў. – Заўвага БелТА). Па пнеўманіі, што я вель­мі кантралюю, заняты ўсяго 10 працэнтаў ад наяўнасці апаратаў. У нас сёння на ШВЛ крыху больш за 200 чалавек. А апаратаў ШВЛ – 2,5 тыс. плюс паўтары тысячы наркозна-дыхальных, калі гэта патрэбна будзе», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама заявіў, што ад агуль­най колькасці пнеўманій толькі ў 30 працэнтаў дыягнаставаны COVID-19. «Гэта таксама вельмі добры паказчык. Таму я сёння прэтэнзій ні да Міністэрства аховы здароўя, ні да галоўных урачоў бальніц не прад’яўляю. Мы даклад­на выпрацавалі сістэмы лячэння інфіцыраваных людзей», – адзначыў беларускі лідар.

Добавить комментарий