Пазітыўная тэндэнцыя ў Віцебску пацвярджаецца

Пазітыўная тэндэнцыя ў Віцебску пацвярджаецца, у астатніх рэгіёнах рост захваральнасці ідзе ў рамках прагнозу. Аб гэтым карэспандэнту БелТА паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.
У пятніцу, 17 красавіка, міністр у час брыфінгу адзначыў, што сітуацыя ў Віцебску стабілізавалася: з’явілася адчуванне, што ўдалося выйсці на плато і ў бліжэйшы час варта чакаць зніжэння захваральнасці. «Па Віцебску тэндэнцыя пацвярджаецца. Па астатніх рэгіёнах рост ідзе ў рамках прагнознага ліку», — сказаў ён.
«Асноўная задача — не дапусціць лавінападобнага росту, перагрузкі сістэмы аховы здароўя. Для аказання дапамогі на гэты час выкарыстоўваецца менш за 10 працэнтаў існуючай ложкавай магутнасці і менш за 10 працэнтаў парку апаратаў ІВЛ», — праінфармаваў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.
«Цяпер рэсурсныя магчымасці сістэмы аховы здароўя дазваляюць забяспечыць даступную і якасную медыцынскую дапамогу ўсім маючым у гэтым патрэбу», — падкрэсліў Уладзімір Каранік.
«Сітуацыя па-ранейшаму застаецца пад кантролем. Нам удаецца не дапускаць лавінападобнага росту захваральнасці», — дадаў ён.
Гаворачы пра абнародаваныя напярэдадні рэкамендацыі СААЗ, Уладзімір Каранік нагадаў, што на прэс-канферэнцыі ў Мінску эксперты арганізацыі гаварылі пра неабходнасць шырокага інфармавання насельніцтва аб магчымых рызыках і правілах паводзін. «Статыстыку мы рэгулярна публікуем. Але хацелі б, каб насельніцтва пачула нашы рэкамендацыі аб магчымых рызыках і правілах паводзін», — падкрэсліў міністр.
Ён не выключыў, што ў Беларусь можа прыехаць яшчэ адна місія СААЗ — «па меры развіцця сітуацыі, калі будзе патрэбнасць». На гэты час Міністэрства аховы здароўя падтрымлівае пастаянныя кантакты з СААЗ. «Цяпер мы пастаянна знаходзімся на сувязі. Недастатковага разумення і праблем з СААЗ у нас няма», — адзначыў Уладзімір Каранік.

Добавить комментарий