Найбольш важныя пытанні ў ЕАЭС

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на рабочай сустрэчы членаў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якая адбылася ў рэжыме відэаканферэнцыі, абазначыў найбольш важ­ныя пытанні ў ЕАЭС на фоне пандэміі, перадае ­карэспандэнт БелТА.
Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу адзначыў важ­насць захавання транзітных зносін. Па-другое, ён выступіў за захаванне практыкі прыняцця ўзгодненых рашэнняў і прымянення адзіных правіл рэгулявання знешняга гандлю, якія з’яўляюцца ядром функцыянавання саюза. Па-трэцяе, Прэзідэнт лічыць неабходным прыняць дзейс­ныя меры, накіраваныя на рэальнае паглыбленне прамыс­ловага супрацоўніцтва.

Аб транзіце
і транспартных
зносінах

Аляксандр Лукашэнка расказаў аб мерах, прынятых у гэтым напрамку ў Беларусі: «Вы ўсе ведаеце, што тран­зіт праз Беларусь у інтарэсах ЕАЭС мы ажыццяўляем. На граніцы з Еўра­саюзам правяраем усіх, хто ўязджае і тран­зітам праз Беларусь і ў Беларусь. Гэта ў асноўным грузавікі, фуры. Мы правяраем вадзіцеляў, прытым вельмі строга. Мы вызначылі тры калідоры, па якіх перамяшчаюцца гэтыя велікагрузы, што транспартуюць тавары праз Беларусь перш за ўсё ў вашы дзяржавы. Вызначылі месцы стаянак і адпачын­ку для гэтых людзей з поўным кантролем над імі. Вызначылі мес­цы заправак для велікагрузаў. Словам, перашкод няма ніякіх. Больш таго, не было выпадку, каб мы забаранілі ўезд грамадзянам вашых краін, ды і наогул любых дзяржаў, пры выкананні ўстаноўленых у Беларусі правіл».
«Лічу, што ў гэтай сітуа­цыі трэба дзейнічаць у межах разумнай дастатковасці. Мне здаецца, што які-небудзь транспарт­ны калідор паміж краінамі павінен захоўвацца не толькі ў Беларусі. А нядрэнна было б вызначыць гэты калідор праз Расію ў Казахстан, Арменію, Кыргызстан і гэтак далей», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, прапануецца ўстанавіць маршруты перамяшчэння, на іх вызначыць асобныя пункты прыпынкаў для заправак аўтатранспарту і адпачынку вадзіцеляў. У такіх пунк­тах увесці асаблівы рэжым санітарна-проціэпідэміч­ных мерапрыемстваў, як гэта зроблена ў Беларусі. «Гэтымі каналамі змогуць скарыстацца таксама нашы грамадзяне, якія вяртаюцца на радзіму», – адзначыў Прэзідэнт.
«Беларусь дзейнічае адказ­на. Мы не закрывалі граніцу і па меры магчымасці дапамагаем людзям вярнуцца дамоў», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб адзіных правілах
рэгулявання
знешняга гандлю

«У выключных выпадках маг­чымы адступленні. Але ў цэлым трэба захаваць практыку прыняцця ўзгодненых рашэн­няў», – падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Паводле яго слоў, перш за ўсё гэта датычыцца задавальнення ўнутраных патрэбнас­цей на тавары з павышаным попытам або ад якіх залежыць жыццё і бяспека грамадзян. У першую чаргу гэта тавары медыцынскага прызначэння – прэпараты, абсталяванне, сродкі аховы.
«Улічваючы, што ўвесь свет цяпер зацікаўлены ў набыцці такіх тавараў, прадаць іх у трэція краіны, магчыма, было б доб­рым бізнесам. Але адной з мэт саюза з’яўляецца клопат аб узроўні і якасці жыцця грамадзян нашых краін. Таму нават пры разглядзе пытанняў аказання гуманітарнай дапамогі трэцім краінам прапаную ўсё ж зыходзіць з прыярытэту задавальнення попыту на гэтыя тавары на ўнутраным рынку саюза. Тое ж самае датычыцца і іншых відаў дапамогі для нашых грамадзян», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён лічыць, што ў існуючых умовах як ніколі высокая рызыка разбурэння асновы любой эканомікі – прамысловасці і яе вытворчых і кааперацыйных сувязей. «На іх стварэнне мы патрацілі больш за шэсць гадоў, і работа да гэтага часу не завершана. Прычым паставіць усё, што зроблена, пад пагрозу можна нават неўсвядомлена з дапамогай папулярных сёння проціэпідэмічных мер. Як пасля перамогі над пандэміяй будзем аднаўляць існуючы патэнцыял і тэхналагічныя ланцужкі?» – паставіў пытанне Прэзідэнт Беларусі.
«Вы ўжо заўважылі – нават тыя, так званыя дэмакратыч­ныя еўрапейскія краіны і ЗША, я ўжо не гавару пра Кітай, вельмі хутка абдумаліся. І сёння некаторыя, знаходзячыся на піку пандэміі, як яны кажуць, прымаюць, адкручваючы назад, адпаведныя меры эканаміч­нага аднаўлення. Таму што ў еўрапейскіх краінах (мы гэта бачым ужо ў СМІ) усё больш з’яўляецца такой інфармацыі, якая сведчыць аб тым, што нават у забяспечаных краінах Еўрасаюза з’яўляюцца сігналы голаду насельніцтва. Таму нам ні ў якім разе нельга рухац­ца шляхам, які прывядзе да разбурэння эканомікі», – адзначыў беларускі лідар.

Аб прамысловым
супрацоўніцтве
і прадуктах харчавання

Аляксандр Лукашэнка назваў вельмі важным прыняцце дзейсных мер, накіраваных на рэальнае паглыбленне прамысловага супрацоўніцтва. «Калі мы выкарыстоўваем у вытворчых працэсах сыравіну і матэрыялы адзін аднаго, то такія аперацыі павінны ўзаем­на прызнавацца пры субсідзіраванні канечнай прадукцыі. Таму сёння як ніколі актуальна жорсткае даручэнне ўрадам укараніць адпаведныя нормы ў нацыянальныя заканадаўствы аб прамысловых субсідыях», – заявіў ён.
Прэзідэнт лічыць, што такое рашэнне будзе садзейнічаць зняццю наступнай праблемы: «Большасць між­народных экспертаў сыходзяцца на думцы аб недахопе прадуктаў харчавання пасля пандэміі. Маштабныя каран­цінныя мерапрыемствы па ўсім свеце парушылі вытвор­чы цыкл вырошчвання сель­гаспрадукцыі».
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, апошнім часам павышаны попыт на прадукты хар­чавання выразна паказаў, што гэтай тэмай трэба займацца на вышэйшым узроўні. «Прыняўшы своечасовыя рашэнні, мы зможам забяспечыць дастатковы аб’ём вытворчасці прадуктаў харчавання», – упэўнены кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аб падтрымцы
найбольш
пацярпелых сектараў

«Нельга пакідаць без увагі і меры агульнасістэмнага мак­раэканамічнага характару. Пры гэтым трэба стварыць універ­сальныя і гібкія інструменты падтрымкі сектараў, якія найбольш пацярпелі ад зніжэн­ня эканамічнай актыўнасці», – падкрэсліў Прэзідэнт.
На яго думку, для гэтага трэба хутка адаптаваць дзейнасць Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця і Еўразійскага банка развіцця пад актуальныя патрэбы эканомікі. «Фонду трэба паставіць задачу і даць права аператыўна прымаць рашэнні аб спрошчаным парадку прадастаўлення дапамогі. Дарэчы, усе міжнародныя фінансавыя арганізацыі гэта ўжо зрабілі. У тым ліку МВФ. Гэта могуць быць суверэнныя пазыкі, стабілізацыйныя крэдыты, грантавыя сродкі на падтрымку аховы здароўя, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Пры гэтым Еўразійскі банк мог бы таксама падтрымаць сваіх пазычальнікаў з нашых краін шляхам рэструктурызацыі даўгоў па рэалізуемых праектах, прадастаўлення льготнага фінансавання па кропкавых пытаннях, прапрацоўкі дадатковых механізмаў аператыўнага рэагавання».

Добавить комментарий