Своечасовы і абгрунтаваны падыход

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) лічыць, што ўвядзенне абмежаванняў на перамяшчэнне людзей і тавараў у перыяды надзвычайных сітуацый у галіне аховы здароўя ў большас­ці выпадкаў не з’яўляецца эфектыўнай мерай і можа адцягваць рэсурсы ад іншых мерапрыемстваў. Аб гэтым гаворыцца ў заяве краінавага офіса СААЗ у Беларусі наконт COVID-19, размешчанай на сайце Міністэрства аховы здароўя, паведамляе БелТА.
Больш таго, абмежаванні могуць прыводзіць да збояў пры дастаўцы неабходнай дапамогі, парушаць дзейнасць суб’ектаў гаспадарання і мець негатыўныя сацыяльна-эканамічныя наступствы для закранутых імі краін.
На думку СААЗ, увядзенне значных абмежаванняў на між­народныя перавозкі можа быць апраўдана ў пачатку ўспышкі, паколькі можа даць краінам неабходны час для аператыўнага прыняцця эфек­тыўных мер па забеспячэнні гатоўнасці. Сусветная арганізацыя падкрэслівае, што такія абмежаванні павінны ўводзіц­ца толькі на падставе ўваж­лівай ацэнкі рызыкі, быць суразмернымі рызыцы для здароўя насельніцтва, дзейнічаць непрацяглы час і рэгулярна пераглядацца па меры развіцця сітуацыі.
Разам з тым прадухіліць перадачу інфекцыі і выратаваць чалавечыя жыцці могуць актыўнае тэсціраванне, выяўленне выпадкаў і сачэнне за кантактамі ў спалучэнні з мерамі сацыяльнага дыстанцыравання, мабілізацыі мясцовых супольнасцей і ўмацавання сістэм аховы здароўя.
У сувязі з гэтым СААЗ выказвае салідарнасць і падтрымку Беларусі ў рэалізацыі мер, што прымаюцца ёю цяпер для барацьбы з COVID-19. «Мы высока цэнім своечасовы і абгрунтаваны падыход сістэмы аховы здароўя Беларусі да гэтай надзвычайнай сітуа­цыі. Значныя намаганні і рэсурсы сістэмы аховы здароўя былі накіраваны на ранняе выяўленне выпадкаў заражэння COVID-19 з выкарыстаннем лабаратор­най дыягностыкі, ізаляцыю, аказанне дапамогі пацыентам і сачэнне за кантак­тамі», – гаворыцца ў зая­ве. Пры гэтым у ёй падкрэс­ліваецца, што гэта ключавыя меры, рэкамендуе­мыя СААЗ, для таго, каб спыніць перадачу і прадухіліць распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі.
Арганізацыя таксама з удзячнасцю адзначае адкрытасць Беларусі ў абмене інфар­мацыяй па COVID-19 і своечасовае прадастаўленне справаздачнасці СААЗ у адпаведнасці з Міжнароднымі медыка-санітарнымі правіламі, што вельмі важна для каардынацыі намаганняў усіх краін у глабальным маштабе. «Мы з задавальненнем адзначаем рэгулярнае прадастаўленне Міністэрствам аховы здароўя Беларусі інфар­мацыі аб развіцці сітуацыі, рэкамендуемых мерах аховы і прымаемых мерах насельніцтву краіны», – гаворыцца ў заяве.
На гэтым этапе, пры адсут­нас­ці ў краіне некантралюе­май перадачы інфекцыі сярод насель­ніцтва, меры, якія прымаюц­ца Беларуссю, зас­наваны на ацэнцы існуючых рызык і адпавядаюць рэкамен­дацыям СААЗ, падкрэслівае арганізацыя.
Разам з тым, СААЗ вельмі заклапочана пагражальным і хуткім распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у свеце і звязаным з гэтым негатыўным сацыяльна-эканамічным уздзеяннем на грамадства і краіны. Таму арганізацыя заклікае ўсе краіны падрыхтаваць кад­равыя рэсурсы і службы аховы здароўя да магчымага далейшага росту і распаўсюджван­ня COVID-19. Трэба быць гатовымі да рэагавання на розныя варыянты развіцця сітуацыі, беручы пад увагу, што ўніверсальнага падыходу не існуе. Сусветная арганізацыя заклікае ацэньваць узровень рызыкі, уведзеныя меры і прымальнасць гэтых мер для грамадства. Важна аператыўна праводзіць неабходныя мерапрыемствы ў адэкватным маштабе для спынення або зніжэння тэм­паў перадачы COVID-19 пры звядзенні да мінімуму эканамічных, грамадскіх і сацыяльных ­наступстваў.

Добавить комментарий