Па эпідэміялагічнай сітуацыі ў Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне, перадае карэспандэнт БелТА.

На даклад у Палац Незалеж­насці прыехалі кіраўнік Адмініст­рацыі Прэзідэнта Ігар Сергяен­ка, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў, міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Таксама на мерапрыемства паклікалі прадстаўнікоў Рэспуб­ліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.
«Я запрасіў вас сёння, каб абмеркаваць эпідэміялагічную сітуацыю ў Беларусі. Асабліва гэта важна ва ўмовах каранавіруснага псіхозу», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, першапачаткова ён хацеў правесці сустрэчу выключна з вірусолагамі і эпідэміёлагамі: пазіцыя і падыходы міністра аховы здароўя Прэзідэнту вядомы. «Але міністр сказаў, што ён чалавек дзяржаўны і не будзе коўдру цягнуць на свой бок. Думаю, дарэчы будзе, калі міністр аховы здароўя нам даложыць аб сітуацыі, якая складваецца, а вы аб сваім пункце гледжання», – сказаў ён.

«Прыкласці ўсе намаганні,
каб беларусы змаглі
вярнуцца дамоў»
Прэзідэнт нагадаў, што першы з гэтым вірусам сутыкнуўся Кітай, а затым і азіяцкі рэгіён. Прычым кітайцам удалося справіцца з вірусам, і яны ўжо дзеляцца сваім паспяховым вопытам з іншымі, адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Прынамсі, у мяне няма такіх фак­таў, каб яны не адказалі хоць на адно пытанне або ў нечым адмовілі. У мяне сігналы ад кітайскага боку, што яны гатовы беларусам дапамагчы ва ўсім», – адзначыў ён.
На гэты момант Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла пандэмію. Аднак для Беларусі гэта не мае ніякага значэння, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што ў краіне і раней уважліва ставіліся да барацьбы з інфекцыямі, і не толькі з каранавірусам. «На карце не засталося практычна ніводнай краіны, дзе не пасяліўся б гэты вірус. Але адна справа, калі недзе ў Паўночнай Афрыцы адзін чалавек, а іншая справа, калі за суткі толькі ў Італіі загінулі 475 чалавек. Розніца вялікая», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Многія краіны закрылі сваю тэрыторыю для іншаземцаў. Так зрабілі і пяць краін-сусе­дак Беларусі. «Глупства абсалютнае і несусветнае, і гэта пацвярджаецца ўжо. Гэта ніяк не абараняе Расію. Тым больш закрываюць выбарачна. Але гэта іх справа. Людзі ацэняць усё, што адбываецца ў нас з закрыц­цём граніц, – заўважыў Прэзідэнт. – Цяпер у свеце штучна створана сітуацыя, калі чалавек не можа трапіць дамоў. Нам трэба прыкласці ўсе намаганні, каб нашы грамадзяне змаглі вярнуцца ў самы бліжэйшы час. Яны павінны быць дома. У бяспецы».

«Самая страшная
эпідэмія – гэта паніка»
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што самая страшная эпідэмія ў свеце – гэта паніка. Ён пацікавіўся, як складваецца эпідэмія­лагічная сітуацыя ў Беларусі і якія прагнозы па каранавірусе і іншых інфекцыйных захвор­ваннях на бліжэйшыя дні і тыдні. «Справа не толькі ў гэтым каранавірусе, у нас больш праблем з іншымі хваробамі. Якія меры прымаюцца для прадухілення новых выпадкаў завозу ў Беларусь розных вірусаў?» – спытаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі пражывае шмат замежных грамадзян, напрыклад, студэнтаў і супрацоўнікаў замежных прадпрыемстваў. «Ці ахоплены яны паўнацэнным медыцынскім наглядам і лячэннем, як гэта было са студэнтам з Ірана, які, на шчасце, пераадолеў усе гэтыя вірусы і сёння выпісаны?» – удакладніў кіраўнік дзяржавы.
Асобна ён закрануў работу беларускіх урачоў, падкрэсліўшы, што медыцынскі персанал павінен быць забяспечаны ўсім неабходным і матэрыяльна падтрыманы за нялёгкую, у тым ліку пазаўрочную, работу. У той жа час Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ў гэтай сферы праблем няма.

«У Беларусі няма ніводнай смерці ад каранавіруса»
«У канцы зімы-пачатку вясны ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, ідзе пад’ём сезонных інфекцый. Мяне гэта больш за ўсё непакоіць. Размова ў гэтым выпадку не аб каранавірусе, а аб прывычных для нас вострых рэс­піраторных інфекцыях, уключаючы грып. Самае небяспечнае, што можа здарыцца ў выніку гэтых вірусаў, – гэта пнеўманія», – заўважыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы прывёў даныя параўнальнай статыстыкі за мінулы і гэты гады па колькасці смяротных выпадкаў у выніку пнеўманіі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у 2019 годзе за студзень-люты такіх выпадкаў было 196, цяпер – 138. Усяго з-за захворванняў органаў дыхання за першыя два месяцы мінулага года загінулі 498 чалавек, у пачатку гэтага года – 328.
«Пры гэтым асабліва падкрэсліваю, ні адной смерці пры пацверджанай каранавірус­най інфекцыі на тэрыторыі нашай краіны сёння няма. Дзякуй богу. Хачу пачуць дакладна і па сутнасці, як мы будзем працаваць далей, каб хворых было як мага менш і ўсе яны выздаравелі ад любой інфекцыі», – сказаў Прэзідэнт і перадаў слова міністру аховы здароўя.
Паводле слоў Уладзіміра Караніка, у Беларусі прытрымліваюцца рызыка-арыентаванага падыходу на аснове аналізу існуючых рызык і прагназавання развіцця сітуацыі. «Гэта не першая і не апошняя эпідэмія ў нашым жыцці, таму мы, зыходзячы з мінулага вопыту, прагназуем і параметры развіцця, і цяжкасць наступстваў, і меры, якія накіраваны на тое, каб мінімізаваць урон ад гэтай эпідэміі», – сказаў ён.
Ён таксама адзначыў, што дзякуючы развіццю айчыннай школы лабараторнай дыяг­ностыкі ў Беларусі хутка ўдалося наладзіць вытворчасць уласных тэстаў на выяўленне каранавіруса. «Калі СААЗ апублікавала РНК віруса, наш тэст быў зроблены на працягу тыдня», – заявіў міністр.

Добавить комментарий