Меры супраць каранавіруса

Міністэрства аховы здароўя Беларусі ў сваім Telegram-канале абгрун­тавала прымаемыя ў Беларусі меры супраць распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, паведамляе БелТА.
Міністэрства аховы здароўя выказ­вае сумненне, што закрыццё граніцы Беларусі здольна гарантавана прадухіліць завоз каранавіруснай інфекцыі ў краіну. Ніводная дзяржава, якая прымяніла гэту абмежавальную меру, не забараніла ўезд сваім грамадзянам. Між тым, гэта, як правіла, асноўны шлях пранікнення інфекцыі. «З 8 завезеных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі ў нашай краіне 7 было выяўлена менавіта ў беларускіх грамадзян, якія вярнуліся на радзіму з-за мяжы», – нагадалі ў міністэрстве.
Закрыццё дзіцячых садоў і пачат­ковай школы больш разумна ў сувязі з іншымі віруснымі інфекцыямі, уздым захваральнасці на якія назіраецца на гэты час. «Таксама вядома, што пасля закрыцця дашкольных і школьных устаноў малалетнія дзеці, бацькі якіх, як правіла, працуюць, наўрад ці будуць адны дома. Хутчэй за ўсё яны будуць знаходзіцца пад наглядам бабуль і дзядуль. А састарэлыя людзі якраз і з’яўляюцца найбольш слабаабароненай групай, маючай самую высокую рызыку развіцця цяжкіх ускладненняў вірусных інфекцый (грып, парагрып, адэнавірус, адзёр, пнеўманіі)», – падкрэслілі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Пазіцыя міністэрства наконт спынення вочнага навучання ва ўнівер­сітэтах, ССНУ, старшай школе так­сама негатыўная. Няма гарантыі, што маладыя людзі, будучы на дыстанцыйным навучанні, не прадоўжаць цесна ўзаемадзейнічаць паміж сабой.
І ў цэлым, на погляд медыкаў, значна важней за абмежавальныя меры асабістыя адказныя адносіны саміх людзей да свайго здароўя і свайго асяроддзя, элементарныя нормы бяспекі, рэкамендаваныя тым, хто вяртаецца з-за мяжы, выкананне правіл асабістай гігіены і рэспіраторнага этыкету. Напрыклад, ні ў якім разе нельга ўтойваць факты наведвання эпідэмічна нестабільных краін, праходзіць міма арганізаваных пунктаў санэпідкант­ролю. Тым не менш, не ўсе грамадзяне праяўляюць у гэтым сэнсе сваю свядомасць.
«Усе пацыенты знаходзяцца ў здавальняючым стане, за выключэннем аднаго, які позна звярнуўся, – яго стан сярэдняй ступені цяжкасці са станоўчай дынамікай. Некаторыя з пацыентаў ужо выпісаны, частка рыхтуецца да выпіскі, за астатнімі прадаўжаецца назіранне і стан іх здароўя трывогі не выклікае», – запэўнілі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Пры гэтым у міністэрстве падкрэс­лілі, што сёння ў Беларусі лечацца некалькі соцень пацыентаў з запаленнем лёгкіх, але толькі ў аднаго з іх прычынай стаў каранавірус і позні зварот па дапамогу. «У 64 чалавек захворванне праходзіць у цяжкай форме, але ні ў каго з гэтых пацыен­таў няма COVID-19. З-за пнеўманіі 34 пацыентам праводзіцца штучная вентыляцыя лёгкіх – і ва ўсіх іх адсутнічае каранавірусная інфекцыя. Як, дарэчы, і ў таго пацыента, пра смерць якога ўчора паспяшаліся паведаміць СМІ. Пацыент не толькі жывы, але і мае станоўчую дынаміку ад лячэння і не заражаны каранавірусам», – паведамілі на заканчэнне ў Міністэрстве аховы здароўя.

Добавить комментарий