«Для панікі ў нас няма ніякіх падстаў»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што для панікі ў краіне наконт сітуацыі з каранавірусам COVID-19 няма ніякіх падстаў, перадае карэспандэнт БелТА.

Гэта тэма была ў ліку тых, што абмяркоўваліся на сустрэчы кіраўніка дзяржавы з міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам. «Я разумею, што нам удалося спакойна прайсці гэты перыяд. Супакойвацца, вядома, нельга. Але і для панікі ў нас няма ніякіх падстаў», – падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не трэба ствараць ажыятаж і скупляць розныя лякарствы або медыцынскія маскі. «Пабеглі, скупілі… І што цяпер? Цяпер зразумелі, што перанапружыліся», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заявіў, што цяпер медыцынскія маскі ў Беларусі выраб­ляюцца на некалькіх прадпрыем­ст­вах у вялікай колькасці. «Сотні тысяч штук у суткі. Няхай купляюць, калі некаму патрэбна», – сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўжо ўсе зразумелі з падачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і ўрачоў у свеце, што мас­ку трэба насіць толькі тым, хто захварэў, каб знізіць рызыку заражэн­ня астатніх. «Але ёсць людзі, якія перастрахаваліся, пачалі гэтыя мас­кі і спецадзенне адзяваць. Мы не супраць. Толькі не павінна быць непатрэбных рухаў, не павін­на быць ніякай панікі», – лічыць беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што, нягледзячы на прысутнасць насцярожанасці наконт сітуацыі з каранавірусам, узровень захваральнасці ў Беларусі на вірусныя інфекцыі, уключаючы грып, ніжэйшы, чым у мінулыя гады.
Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што для паспяховай барацьбы з распаўсюджваннем вірусаў важна, каб ахова здароўя ў той ці іншай краіне працавала на чалавека, а не ставіла сабе нейкія камер­цыйныя мэты.
«Дай бог, каб усё абышлося. Расслабляцца не трэба. Людзі павінны разумець, што рукі, твар трэба мыць», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
А тым, хто захварэў або адчувае прыкметы хваробы, Аляксандр Лукашэнка параіў старацца не разносіць інфекцыю і прымаць неабход­ныя меры рэагавання.
Прэзідэнт таксама выказаў словы ўдзячнасці ў адрас Кітая. «Падзякаваць трэба кітайцам – яны нічога ад нас не ўтойваюць, даюць нам усю інфармацыю, раяць. Таму што яны лепш ведаюць, больш за ўсё займаліся гэтай праблемай, і поспехі ў іх вышэйшыя, чым у каго-небудзь. Яны нам вельмі добра дапамагаюць сваі­мі парадамі і рэкамендацыямі. Дзякуй ім вялікі за гэта. Але і нашы ўрачы аказаліся на вышыні», – рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Добавить комментарий