З афіцыйным візітам

Прэзідэнт ­Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску ў Палацы Незалежнасці ­ўручыў старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага ­сходу Расійскай Федэрацыі Валянціне Мацвіенка ордэн ­Францыска Скарыны, перадае карэспандэнт БелТА.
Указ аб узнагароджанні быў падпісаны яшчэ вясной 2019 года напярэдадні юбілею Валянціны Мацвіенка. Яна ўдастое­на ордэна Францыска Скарыны за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносін і развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй.
«Вы ведаеце, што вы нам самы блізкі, родны чалавек, – падкрэсліў беларускі лідар. – Хачу скарыстацца выпадкам вашага візіту і заслужаную ўзнагароду ўручыць. Мы хацелі, каб гэта было, наколькі гэта магчыма, урачыста і па-роднаму. У кабінеце я не ўручаю нікому ўзнагароды, акрамя сваіх людзей».
«Вельмі рады, што вы прыехалі. Я думаю, Наталля Іванаўна (старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава. – Заўвага БелТА) вам ужо сказала. Мы даўно з ёю чакалі вас тут, рыхтаваліся спецыяльна, як вас тут лепш па-дамашняму сустрэць», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу Валянціна Мацвіенка падзякавала за ўзнагароду, адзначыўшы, што яна вельмі дарагая для яе. «Я заўсёды з асабліва цёплымі пачуццямі да вас прыязджаю і еду назад, зарадзіўшыся вашай цеплынёй, гасціннасцю, – сказала яна. – Даўно не была, ужо сумавала».
Старшыня Савета Федэрацыі таксама пазітыўна ацаніла праграму візіту, падрыхтаваную беларускім бокам. Яна, у прыватнасці, наведала мінскі храм-помнік у гонар Усіх Святых, дзе адбылася цырымонія перадачы зямлі ў капсуле з месцаў пахавання савецкіх салдат пада Ржэвам.
«Такая кранальная была цырымонія, – адзначыла яна. – Я рада, што частка зямлі, палітай крывёю і рускіх, і беларусаў, і іншых народаў, будзе захоўвацца ў вашым храме. Асабліва гэта знамянальна ў год 75-годдзя Перамогі».
Валянціна Мацвіенка таксама не скрывала захаплення храмам, дзе прайшло ўрачыстае мерапрыемства. Яна падкрэсліла, што гэта не толькі прыгожы храм, у ім створана зала памяці – месца, куды можна прыйсці і людзям старэйшага пакалення, і моладзі, каб аддаць даніну павагі тым, хто загінуў у час баявых дзеянняў.
Аляксандр Лукашэнка падарыў Валянціне Мацвіенка букет беларускіх кветак, абраз Святой Валянціны Мінскай і, улічваючы захапленне госці кулінарыяй, кнігу «Смак беларускай кухнi».
Дэлегацыя Савета Федэрацыі на чале з Валянцінай Мацвіен­ка 5-6 сакавіка наведвала Беларусь з афіцыйным візітам. У праграме – сустрэчы з кіраўніцтвам беларускага парламента, пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбудзецца восенню ў Мінс­ку і Мінскай вобласці.
Прайшла цырымонія перадачы зямлі ў капсуле з месцаў пахавання савецкіх салдат пада Ржэвам храму-помніку ў гонар Усіх Святых у час міжнароднай акцыі памяці «На славу агульнай Перамогі!».

Добавить комментарий