А. Лукашэнка: «Беларусы выбралі шлях сацыяльнага дыялогу»

Беларускі народ выбраў шлях сацыяльнага дыялогу, і ў краіне не раз пераконваліся ў яго разумнасці і перспек­тыўнасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на VIII з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, перадае карэспандэнт БелТА.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі мэты дзяржаўнага развіцця і інтарэсы народа супадаюць. Ён заўважыў, што дзякуючы гэтаму адзінству гісторыя суверэннай Беларусі не ведала масавых зацяжных процістаянняў і «паказальных» выступленняў грамадскіх арганізацый, прыклады якіх так часта з’яўляюцца ў між­народных навінах.
«Беларускі народ выбраў шлях сацыяльнага дыялогу, і мы не раз пераконваліся ў яго разумнасці і перспектыўнасці», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Цяперашняе мерапрыемства Прэзідэнт назваў значнай падзеяй у грамадскім і палітычным жыцці краіны, якая адлюстроўвае інтарэсы і запатрабаванні ўсіх працаздольных грамадзян. «Мы маем усе падставы сцвярджаць, што ў нашай навейшай гісторыі прафсаюзны рух з’яўляецца паўнапраўным удзельнікам будаўніцтва краіны. Мы стварылі дзяржаву, галоўнымі каш­тоўнасцямі якой з’яўляюцца людзі і справядлівае стаўленне да іх. Гэты выбар прадвызначыў далейшае развіццё партнёр­скага ўзаемадзеяння паміж уладай і грамадскімі арганізацыямі», – заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ўсе – мясцовыя Саветы дэпутатаў, аб’яднанні моладзі, жанчын і ветэранаў, прафсаю­зы – працуюць на стварэнне, забяспечваюць грамадзянскую кансалідацыю. Кіраўнік дзяржавы лічыць гэта адным галоўных дасягненняў. «Як і тое, што абарона правоў працоўных з’яўляецца прыярытэтным напрамкам развіцця дзяржавы, – дадаў ён. – У Беларусі працуючыя абаронены як ні ў якой іншай краіне – ад Канстытуцыі да зусім нядаўна прынятага ўказа па датэрміновых прафесійных пенсіях».
У цэнтры важнейшых эканамічных і палітычных падзей заўсёды былі прафсаюзы, звярнуў увагу Прэзідэнт. Паводле яго слоў, яны з’яўляюцца сапраўды народнай арганізацыяй – тым неабходным фундаментам, на якім трымаецца баланс у грамадстве.
«Аднак мы бачым, як скарачаецца колькасць членаў прафсаю­заў у некаторых суседзяў. Напрыклад, паводле даных Міжнарод­най арганізацыі працы, у Эстоніі толькі 5 працэнтаў работнікаў знаходзяцца ў прафсаюзе, у Літве – 8 працэнтаў, у Польшчы – 13 працэнтаў – і гэта называецца «дэмакратыяй». У выніку прафсаю­зы пазбаўлены магчымасці выступаць паўнацэнным бокам сацыяльнага партнёрства. Разбураецца сістэма трыпартызму і ў цэлым сацыяльнага балансу ў грамадстве. Ёсць і іншыя прыклады – Іслан­дыя, Швецыя, Данія, дзе ахоп прафсаюзаў складае ад 70 працэн­таў да 90 працэнтаў. Напрыклад, у Беларусі такі ахоп – больш як 93 працэнты», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Добавить комментарий