«Трэба прапанаваць сур’ёзны варыянт без агаворак»

Прэзідэнт Беларусі Аляк­сандр Лукашэнка лічыць, што стратэгічныя напрамкі развіц­ця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года павінны стаць сур’ёзным дакумен­там без усялякіх агаворак. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы са старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясніковічам, перадае карэс­пандэнт БелТА.
«Мы плануем падпісаць у маі бягучага года ў Мінску стратэгію інтэграцыі да 2025 года. Вядома, мы павінны прапанаваць сур’ёзны варыянт гэтай стратэгіі. Без усялякіх там агаворак і гэтак далей. Калі мы хочам пабудаваць наш саюз на рэальных прынцыпах інтэграцыі (а мы іх павінны ў гэтай стратэгіі яшчэ раз нагадаць, калі нехта забыў), мы павінны прапанаваць рэальную праграму гэтай інтэграцыі», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што работу па стварэнні агульных рынкаў у ЕАЭС трэба праводзіць паэтапна, не чакаючы дамоўленага 2025 года. «Трэба прадугледзець, каб не атрымалася так: у снежні 2024 года збяромся і, як звычайна, аб нечым не дамовіліся, нехта не гатовы працаваць па адзіных прынцыпах рынку нафты, газу, аграрнай, алкагольнай прадук­цыі. І мы пачынаем потым выключэнні прыдумваць нейкія або пакідаць абмежаванні і гэтак далей. Таму трэба да 2025 года ісці паэтапна», – заявіў Прэзідэнт.
«Калі мы гаворым пра адзіны рынак нафты, газу (для нас гэта важна, таму я бяру гэты прыклад), значыць, у 2021-2024 гадах павінны паэтапна падысці фактычна да адзіных прынцыпаў цэнаўтварэння», – лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Як паведамлялася, Міхаіл Мясніковіч у пачатку лютага на першым на новай пасадзе пасяджэнні Калегіі ЕЭК абазначыў прыярытэты работы камісіі. Адным з іх ён назваў фарміраван­не рэальна працуючых агульных рынкаў, як і прадугледжана дагаворам аб саюзе і рашэн­нямі кіраўнікоў дзяржаў. «Мы павінны быць аб’ектыўныя – цяпер патрэбны больш эфектыўныя меры ў гэтым напрамку», – ­падкрэсліў ён.

Добавить комментарий