«Выклікаў і пагроз не становіцца менш»

Выклікаў і пагроз пагранічнай бяспецы год ад году не становіцца менш. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ­Лукашэнка заявіў пры зацвярджэнні рашэння на ахову Дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2020 годзе, перадае карэс­пандэнт БелТА.
Аляксандр Лукашэнка адз­начыў, што пагранічная бяспека – найважнейшае пытан­не дзяржаўнай палітыкі, асабліва ў Беларусі, таму штогод на зацвярджэнне Прэзідэнта выносіцца рашэнне на ахову граніцы. «На жаль, выклікаў і пагроз пагранічнай бяспецы год ад году не становіцца менш», – канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, растуць патокі незаконнай міграцыі, аб’ёмы кантрабанды наркотыкаў і іншых сродкаў злачыннай дзейнасці. «Павялічваецца ваенная актыўнасць па той бок граніцы. Пры гэтым Беларусь ніколі нікому не пагражала і пагражаць не збіраецца як у сферы эканомікі, так і ў ваеннай сферы, – заявіў Прэзідэнт. – Гаворачы аб эканоміцы, я маю на ўвазе апошнія заявы і шквал крытыкі ў наш адрас з боку Расіі, што мы нібыта пагражаем ці то спыніць пастаўкі нафты на Захад, ці то пагражаем, што будзем браць нафту з транзітнага нафтаправода для забеспячэн­ня нашых НПЗ».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: паміж Беларуссю і Расіяй афіцыйна замацавана дамоўленасць на пастаўку 24 млн. т нафты. «Вось і ўсё», – заўважыў ён.
У мінулым годзе Прэзідэнт прыняў рашэнне павялічыць штатную колькасць пагранічнага ведамства, каб умацаваць дзеючыя падраздзяленні на граніцах, стварыць новыя заставы і баяздольныя манеўраныя групы, ліквідаваныя пасля распаду Савецкага Саюза. Такія падраз­дзяленні павінны разумна і эфектыўна прымяняцца ў ахове пагранічных рубяжоў, а для аператыўнага вырашэння задач у розных умовах аснашчацца сучаснымі ўзорамі ўзбраення і тэхнікі, адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў старшыні Дзяржпагранкамітэта Анатоля Лапо, якія асноўныя праблемныя пытан­ні яго ведамства мае намер вырашаць у гэтым годзе і як вядзецца работы па стварэнні нармальных умоў, у тым ліку бытавых, для пагранічнікаў і іх сем’яў. «Што неабходна яшчэ зрабіць сёння і заўтра для больш эфектыўнага функцыя­навання пагранічных войскаў?» – спытаў ­Прэзідэнт.

Добавить комментарий