Больш вастрыні, аператыўнасці і ўласнага кантэнту

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чакае ад дзяржаўных СМІ больш вастрыні, аператыўнасці і ўласнага кантэнту. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе з кіраўнікамі вядучых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, перадае карэспандэнт БелТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што часта ў эфіры дзяржаўных СМІ не хапае вастрыні і аператыўнасці. Акрамя таго, падкрэс­ліў ён, ім пара ўжо адыходзіць ад замежных платформ. «Далёка не ўсё, што там ёсць, добрай якасці. Трэба больш сваёй тэлепрадукцыі, – сказаў Прэзідэнт. – Калі мне гавораць, што Маркаў (кіраўнік АНТ Марат Маркаў. – Заўвага БелТА) сядзіць на плат­форме Грамадскага расійскага тэлебачання, я гэтага проста не разумею. Наша прастора, наша тэлебачанне, наш тэлевізар, наш канал АНТ (і нядрэнны) – пара ўжо вырашыць галоўную праблему: гэта наша. А калі нех­та хоча сюды прыйсці – калі лас­ка, як мы туды. Плаціце грошы, запытайце дазволу, дайце свой тавар, прадукт, мы паглядзім – можа быць. Гэта ваш найпершы абавязак».
Друкаваныя ж СМІ, каб утрымацца на плаву ў сучасным ліч­бавым свеце, павінны актыўна займацца аналітыкай, лічыць Аляксандр Лукашэнка. «Вядома, мы заўсёды былі і будзем аб’ектыўныя. Але нашы навіны, наша сумленная пазіцыя павін­ны быць данесены да кожнага і пачуты ўсімі, – падкрэсліў ён. – Нам наогул саромецца няма чаго (а ў нас часам гэта бывае): мы працуем на сваю краіну і свой народ. Дзякуй богу, мы ўжо адышлі ад таго, што было ў сярэдзіне 1990-х пасля распаду Савецкага Саюза: тады ўсе журналісты былі «нашы» і «не нашы». Калі ты сказаў праўду з пазіцыі ўлады – усё, ты вораг, ты не наш. Гэтага ўжо няма. Вы ўжо на роўных з імі кан­курыруеце. Ужо камяні ў вас так не кінуць. Калі вы там недзе нешта пра Прэзідэнта сказалі, вам ніхто ніколі сумленна, аб’ектыўна ў вока не тыцне і не скажа, што зладзюга нейкі або чалавек, які займаецца прапагандай дзеля таго, каб толькі ўтрымаць уладу і забяспечыць сябе і свой бліжэйшы асяродак. Але гэта не значыць, што трэба перабіраць, пахвальваючы Прэзідэнта. Трэба ўсё рабіць па-дзелавому. Мы павінны рабіць гэта плячо ў плячо, падтрымліваючы, дапаўняючы і ўзмацняючы адзін аднаго. Не трэба самазаспакойвацца і спыняцца ў развіцці. Час змяняец­ца імкліва».
Паводле яго слоў, сёння інтэр­нэт ужо не проста дыхае ў спіну дзяржаўнай прэсе, але і па некаторых пазіцыях вырываецца наперад, а Telegram-каналы, блогі, сацыяльныя сеткі па ўплыве як мінімум зраўнаваліся з традыцыйнымі СМІ. «Моладзь у асноўным там. Мабільны тэлефон з выхадам у інтэрнэт у распараджэнні ўсіх жадаючых ад дзіцяці да састарэлага чалавека. І гэтыя матэрыялы ім даступныя ў любы час сутак. Нашым СМІ ў інтэрнэце трэба працаваць больш маштаб­на, больш эфектыўна. Што ўжо зроблена ў гэтым напрамку і куды вы маеце намер рухацца далей?» – запытаў кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, упэўнены Прэзідэнт, таленавіты журналіст можа і павінен быць лідарам грамад­скай думкі. «Гэта рэдкасць. Сён­ня аблічча любога СМІ павінна вызначаць аўтарская журналіс­тыка. Нам неабходны новыя асобы, цікавыя персаналіі, тэмы. Вы павінны быць таленавітыя і пераканаўчыя ў падачы інфармацыі», – сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся агульнай ацэнкай сітуацыі на медыйным полі, а таксама запытаў у кіраўнікоў СМІ, як будуць далей развівацца іх рэдак­цыі і якімі ім бачацца перспек­тывы. «Давайце не толькі без самасправаздач, але сумленна і шчыра пагаворым аб праблемах», – прапанаваў ён.

Добавить комментарий