Аляксандр Лукашэнка: «Мы суверэнныя і незалежныя»

Падчас рабочай паездкі ў Шклоў Прэзідэнт гаварыў не толькі пра праблемы вытворчасці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэн­ка ў час рабочай паездкі ў Шклоў вырашыў змяніць план свайго візіту ў гэты горад.
Першапачаткова чакалася, што кіраўнік дзяржавы пабывае толькі на заводзе газет­най паперы. Аднак, прыбыўшы туды раніцай, ён заявіў, што мае намер наведаць і Шклоўскі масларобны завод, ільнозавод і дрэваапрацоўчае прадпрыемства «Шклоў Форэст ЛТД».
Яго словы сталі нечаканасцю для ўсіх, хто ўдзельнічаў у арганізацыі прэзідэнцкай паездкі, і тым больш для кіраўніцтва гэтых прадпрыемстваў. «Тэрмінова ўсім скажыце – едзе Прэзідэнт!» – то тут, то там гучалі папярэджанні па мабільных тэлефонах. Чыноўнікі ў мітусні спрабавалі раздаць даручэнні, каб наступныя кропкі маршруту хоць неяк былі падрыхтаваны да прыезду першай асобы.
Пакуль Аляксандр Лукашэнка вывучаў работу папяровага завода, а затым размаўляў з яго калектывам, на малочнай вытвор­часці спяшаліся навесці парадак. «Нават не ведаем, чаму Прэзідэнт вырашыў нас наведаць», – здзіўлена паціскалі там плячамі, але прысутнасць духу не гублялі.
Кіраўнік дзяржавы прыбыў на масларобны завод пасля паўдня. Тут ён наведаў некалькі цэхаў, азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі, а затым перайшоў на размешчаную па суседстве прыватную вытворчасць «Данон Шклоў».
Аляксандр Лукашэнка даручыў губернатару Магілёўскай вобласці падрабязна вывучыць работу двух гэтых прадпрыемстваў: магчыма, для больш паспяховай работы трэба аб’яднаць іх вытворчыя рэсур­сы. «Трэба ўсе фактары звесці і паглядзець, што будзе лепш. Толькі трэба дамовіцца, каб не цялёпкаліся, як некалі гэта было», – падкрэсліў ён.
Прадэманстравалі Аляксанд­ру Лукашэнку альтэрнатыўную прадукцыю завода – папяровую ўпакоўку для разнастайных патрэб. Тут ён нагадаў пра сваё даручэнне пазбаўляцца ад пластыку і даў «зялёнае святло» вытворчасці папяровых пакетаў.
Акцэнтаваў увагу лідар краіны на тым, што грошы сёння мож­на рабіць з усяго, асабліва са смецця: «У вобласці не павінна быць гэтых смеццевых палігонаў і гор. Гэта ж грошы, велізар­ныя грошы».
«Наша галоўная сыравіна – гэта мазгі, нашы мазолістыя рукі», – пачаў размову з супрацоўнікамі кіраўнік краіны. Ён нагадаў калектыву, што першапачатковай задачай для маладой незалежнай дзяржавы было – накарміць людзей за кошт развіцця сельскай гаспадаркі. Жывучы ў рэгіё­не, багатым на лес, беларусы паралельна ўзяліся за мадэр­нізацыю лясной, папяровай ­прамысловасці.

Пра рознагалоссі з Расіяй

«Нязгода і канфлікт з Расіяй адбыліся з-за таго, што ад нас патрабавалі плаціць за нафту цану кам­паніі, большую за сусветную».
Так Прэзідэнт Беларусі абазначыў адну з прычын праблем з краінай-суседкай. Тэма энергарэсурсаў ужо доўгі час гучыць у высокіх кабінетах, загалоўках вядучых медыя, абмяркоўваюць яе ў сем’ях і працоўных калектывах. Таму не дзіўна, што адно з пытанняў да кіраўніка краіны – пра энергетычную бяспеку.
Ён адзначыў, што ў энергетыч­ным сектары работа ідзе вельмі няпроста, таму што эканоміку змяшалі з палітыкай. Ды і, па шчырасці, палітыкі там больш, чым эканомікі. Чаму так?
«Я вам не скажу, хоць заўтра і прэзідэнцкія выбары, што з энергарэсурсамі будзе лягчэй у плане цэнаўтварэння. Лягчэй не будзе. Мы ўжо пяць гадоў рушым да сусветнай цаны на нафту, пастаянна, паціху», – растлумачыў Прэзідэнт. Сёння Беларусь мае 18-20% ад мытнай пошліны, то-бок нафта ў нас крыху таннейшая, чым у свеце.
Каб захаваць узровень па кош­це хаця б газу, па словах кіраўніка краіны, у Беларусі будуць прыняты адпаведныя меры.

Выбар за народам

Кіраўнік краіны яшчэ раз запэўніў, што ніколі не пойдзе на аб’яднанне Беларусі і Расіі ў адзіную дзяржаву. «У нас ёсць свая краіна. Мы суверэнныя і незалежныя. Мы сваімі розумам і рукамі, што змаглі, зарабілі, будуем сваю краіну. І мы не можам быць часткай якой-небудзь краі­ны. Я не магу вам здрадзіць і растварыць Беларусь, няхай нават у нашай брацкай Расіі», – падкрэс­ліў Аляксандр Лукашэнка.
«У перагаворах з Прэзідэнтам я дакладна і адназначна паўтара-два гады таму сказаў: гэтага ў Беларусі не можа зрабіць ніхто. Нават калі я на гэта пайду, то беларусы мяне з’ядуць на працягу аднаго года пасля прыняцця такога рашэння», – адзначыў беларускі лідар.
«Што датычыцца мяне асабіс­та, я ўжо напрацаваўся. Мне ўжо больш улады ці менш не трэба. І ў імя таго, каб прадоўжыць сваё існаванне, атрымаць ключы ад нейкага «склада» ў Расіі, для мяне непрымальна. Я не хачу быць апошнім прэзідэн­там Беларусі. Ганарова быць першым, але апошнім быць не хачу. Я хачу, каб нашы дзеці жылі на гэтым кавал­ку зямлі ў міры, згодзе. У абдым­ку з рускім чалавекам, расіянамі. Яны нам не чужыя. Расіяне – гэта нашы людзі. Ад іх, праўда, мала што залежыць цяпер», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.
«А што датычыцца ўлады, я вам адкрыта сказаў: прэзідэнц­кія выбары – вы вырашыце, хто будзе кіраваць краінай. І калі вы мяне не выбераце, я на вас не пакрыўджуся. Гэта будзе ваш выбар. Вы павінны вызначыцца, час сур’ёзны, хто будзе кіраўніком дзяржавы, у якой будуць жыць вашы дзеці. Не пра нас сён­ня ідзе размова. Сёння размова ідзе пра дзяцей, пра мірную і спакойную краіну», – рэзюмаваў беларускі лідар.

Друкаванаму слову – быць

Цікавіліся на заводзе, які робіць паперу для айчынных выданняў, і стаўленнем Прэзідэнта да друкаванай прэсы. Кожную раніцу прэс-сакратар рыхтуе яму стос газет ад «СБ-Беларусь сёння» да «Народнай волі» і агляд разнастайных рэсурсаў, што пішуць пра краіну і яе кіраўніка. «Як чалавек старой фармацыі, я не магу адвыкнуць ад друкаванага слова», – падагульніў лідар і дадаў, што не мае нават ­мабільнага тэлефона.
Інтэрнэт, на яго думку, – вялікая справа, але яшчэ невядома, да чаго ў выніку прывядуць сусвет­ная павуціна і развіццё штучнага інтэлекту.
«Я за тое, каб друкаванае слова было. І я ўпэўнены, што яно нікуды не сыдзе, – сказаў Прэзідэнт. – Так, ёсць нейкі спад, меншы запыт на друкаванае слова, але вы ўбачыце, што яно вернецца і будзе, мабыць, яшчэ вышэй».
Па матэрыялах БелТА.

Добавить комментарий