Выкараніць факты бюракратызму і валакіты

Выкараніць факты бюракратызму і валакіты пры разглядзе зваротаў грамадзян. Гэтага запатрабаваў ад аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама і ад УКВП “Камунальнік” старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый ­Бачкоў падчас правядзення “прамой тэлефоннай лініі” з насельніцт­вам Крычаўшчыны. А кантроль за выкананнем зваротаў ускладзены на аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама.
Справа ў тым, што па асобных пытаннях людзям даводзіцца звяртац­ца да кіраўніка раёна двойчы з-за таго, што іх пытанні не вырашаюцца альбо вырашаюцца няякасна ці не ў вызначаны тэрмін. А паўторныя звароты – гэта адмоўная ацэнка дзейнасці камунальнага прадпрыемства. Пры тым, што ва УКВП “Камунальнік” ёсць уласны аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян, які павінен адсочваць і кантраляваць выкананне зваротаў, аналізаваць і на аснове аналізу вызначаць, дзе на прадпрыемстве вузкія месцы, дзе трэба ўзмацніць работу…
Так, да прыкладу, не ў тэрмін (абяцалі 21 кастрычніка) праведзена частковае асфальтаванне вуліцы Партызанская. З пачатку каст­рычніка падаюцца заяўкі ў адзіную дыспетчарскую службу 115 са скаргай, што халодная вада падаецца рудага колеру (мікрараён Камсамольскі, 7).
Паступілі на “прамую лінію” тэлефанаванні і па пытанні перараз­ліку за гарачую ваду. Растлумачыць спажыўцам, на падставе чаго зроблены пераразлік за гарачае водазабеспячэнне, спецыялісты камунальнай службы не палічылі патрэбным. Выставілі ў жыроўках сумы, і немалыя, і на гэтым паставілі кропку – справа завершана.
Звярнуліся крычаўляне на “прамую лінію” па пытаннях змянення графіка ўключэння і адключэння вулічнага асвятлення (вул. Карбышава), падсыпкі дарогі ад дома № 98 да дома № 110 па вул. Сірацініна, правядзення рамонту пасля пажару ў інтэрнаце, што па вул. Смалячкова, і інш.
Усе звароты будуць разгледжаны ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Т. Лістапад.

Добавить комментарий