«ГЭТА ГІСТАРЫЧНЫ МОМАНТ ДЛЯ РЭГІЁНА» — ЛУКАШЭНКА ЧАКАЕ АДДАЧЫ АД ПАЎДНЁВАГА ЎСХОДУ МАГІЛЁЎСКАЙ ВОБЛАСЦІ

 

14 жніўня, Касцюковічы /Кар. БЕЛТА/. Паўднёва-ўсходнія раёны Магілёўскай вобласці павінны прыносіць аддачу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Касцюковічах на нарадзе аб развіцці гэтага рэгіёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Я абсалютна перакананы, што настаў час атрымаць аддачу ад гэтых раёнаў. Яны не павінны сябе адчуваць ізгоямі, і народ тут павінен жыць дастойна і ганарыцца тым, што жыве ў Слаўгарадзе, Касцюковічах або ў Хоцімску. Сутнасць моманту ў тым, што жым будзе такі, што ў некаторых вочы на лоб палезуць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І па форме, і па змесце сённяшняга дня лічыце, што гэта гістарычны момант для гэтага рэгіёна. Мы ведаем, што тут трэба зрабіць. І, як гаворыць губернатар, мы ведаем, што мы гэта зробім. Хто не ўмее — навучым, хто не хоча — прымусім. Іншага не дадзена».

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэты рэгіён павінен кожны год дэманстраваць дынаміку росту. «Хочаце малы, сярэдні бізнес, індывідуальных прадпрымальнікаў — калі ласка, займайцеся. Але запомніце: патрэбны моцныя прадпрыемствы, якія могуць працаваць доўга, на прадукцыю якіх ёсць попыт на рынку. Гэта ўпэўненасць людзей», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён перакананы, што найбольшую аддачу для краіны прыносяць менавіта вялікія прадпрыемствы.

У прыклад Прэзідэнт прывёў фарэлевую гаспадарку «Лахва», якую наведаў у час рабочай паездкі ў Касцюковіцкі раён. Прадпрыемства працуе з добрай аддачай, у яго ёсць магчымасці для пашырэння вытворчасці, а рыбная прадукцыя запатрабавана як на ўнутраным, так і знешніх рынках. «І вось на гэта трэба звяртаць увагу. Ніякія малыя, сярэднія нам шчасця не прынясуць — гэта для таго, каб заняць людзей, даць ім магчымасць працаваць, — адзначыў ён. — Стварайце і падтрымлівайце вялікія прадпрыемствы: прыватныя і дзяржаўныя, у кааперацыі — дзе хочаце. Але толькі, каб мы разумелі, што гэта назаўсёды».

Вяртаючыся да падзей чатырохгадовай даўнасці, калі была прынята праграма і ўказ аб развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што тады сумняваўся, наколькі правільна і своечасова прымаюцца рашэнні. «Шчыра кажучы, тады я не быў абсалютна перакананы, што мы павінны пачаць глабальна вырашаць праблемы гэтага рэгіёна. Але я зыходзіў з таго, што нам усё роўна гэты рэгіён неабходна будзе калі-небудзь падцягваць да адпаведнага ўзроўню», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў тады заняцца рэгіёнам і распрацаваць праграму па яго развіцці. Дадаткова да яе быў падпісаны ўказ, які прадастаўляў шэраг ільгот. «Будучы не зусім перакананым у тым, што трэба ўзмоцнена інтэнсіфікаваць выкананне гэтай праграмы, я на вас не націскаў: хочаце — давайце будзем рабіць, я вам дапамагаю, зразумела, буду патрабаваць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Сёння ж пасля таго як кіраўніцтва вобласці цалкам акунулася ў існуючыя праблемы Прэзідэнт перакананы ў неабходнасці хутчэйшага развіцця паўднёва-ўсходніх раёнаў.

У сувязі з гэтым ён даручыў актуалізаваць існуючую праграму. Прычым не адкладваць гэту работу, а брацца за яе з сённяшняга дня. У праграме, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэба дакладна і падрабязна распісаць усе праекты: ад арганізацыі вытворчасці і прыцягнення спецыялістаў да будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры. «Вось гэта будзе размова. І не патрэбны мне вашыя незразумелыя на пяцьсот або тысячу старонак опусы, якія вы напішыце і зноў не выканаеце, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Размовы і вывучэнні закончаны. Актуалізуйце праграму і на стол мне: што дзе вы вырабіце, падвялі рысу — гэта дасць прырост мяса, малака, прамысловасць, паслугі, дарогі, школы, дзіцячыя сады і іншае. Павінна быць адкрытая падкантрольная праграма, а не распісаная тэорыя на шмат старонак».

Добавить комментарий