Не дапусціць надзвычайных сітуацый

У сувязі з наступленнем даволі халоднага надвор’я старшыня раённага выканаўчага камітэта Васіль Сысоеў даручыў адпаведным службам прыняць усе меры, каб не дапусціць у раёне надзвычайных сітуацый. Аб гэтым ішла гаворка на чарговай штотыднёвай апаратнай нарадзе.

У прыватнасці, у цяперашні час ва ўзмоцненым рэжыме працуе цэнтральная раённая бальніца. У горадзе распачалі работу пункты раздачы цёплай вопраткі, гарачай гарбаты тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Асаблівы кантроль здзяйсняецца за работай камунальных кацельняў, захоўваннем тэмпературнага рэжыму ў школьных і дашкольных навучальных установах, аб’ектах сацыяльнай сферы, за падвозам вучняў сельскіх школ на заняткі і дадому.
Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях працягваюць абследаванне жылых дамоў на прадмет захоўвання правілаў пажарнай бяспекі. Праверана за тыдзень 134 жылых дамы, складзена 4 адміністрацыйных пратаколы. На жаль, сумная статыстыка колькасці пажараў павялічылася: на мінулым тыдні адбыўся пажар па вуліцы Камсамольская, на якім загінула маці гаспадара дома. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнасць пры курэнні.
Як канстатуюць праваахоўныя органы, нягледзячы на праводзімую прафілактычную работу, факты сямейных скандалаў працягваюць мець месца. Так, на прайшоўшым тыдні ў выніку сямейнага скандалу на глебе рэўнасці зарэгістраваны факт нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
На пастаянным кантролі раённай выканаўчай улады знаходзяцца пытанні выплаты заработнай платы, работы са зваротамі грамадзян. Строгае захоўванне тэрмінаў выплаты заробкаў, тэрмінаў і якасці разгляду зваротаў грамадзян – гэтыя патрабаванні, што называюцца, абмеркаванню не падлягаюць.
На штотыднёвай апаратнай нарадзе разгледжаны шэраг важных для рэгіёна пытанняў: своечасовая ачыстка горада і сельскіх населеных пунктаў у час снегападаў, захоўванне дзяржаўных сацыяльных стандартаў у галіне перавозкі пасажыраў, вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі сельгасарганізацыямі раёна, абарона бізнес-планаў на 2014 год прадпрыемствамі і арганізацыямі і інш.
                              Т. Пятрова.  

Добавить комментарий