Завяршыць сельскагаспадарчы год

Цэтральнай тэмай чарговай штотыднёвай апаратнай нарады, якую правёў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бачкоў, было пытанне развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці ў раёне. Абмеркаваны наступныя напрамкі: работа па павышэнні якасці малака, уздым зябліва, пастаноўка тэхнікі на зімовае захоўванне, пытанні аховы працы і інш.
Што неабходна зрабіць, каб выканаць пастаўленыя задачы па павышэнні якасці рэалізуемага малака? Адказ на гэта пытанне быў прааналізаваны ў разрэзе кожнай гаспадаркі. А рэзервы паляпшэння якасці выпускаемай прадукцыі ў сельгасвытворцаў ёсць. Справа толькі за сістэмнай, мэтанакіраванай работай па гэтым накірунку, якая ўключае, у першую чаргу, тэхналагічную і вытворчую дысцыпліну на ўсіх узроўнях і кантроль.
Аналіз збалансаванасці даходаў і расходаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – аснова, на якой трымаецца ўся іх дзейнасць. На жаль, ні ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, ні самімі гаспадаркамі за прайшоўшы перыяд лістапада такая работа не праведзена. Таму – гэта даручэнне на бягучы тыдзень, але ўжо за пятнаццацідзённы перыяд. Як падкрэсліў глава раёна Дзмітрый Бачкоў, мазгавы цэнтр у сельскай гаспадарцы ёсць – упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, кіраўнікі і спецыяліс­ты сельгаспрадпрыемстваў. І гэты цэнтр павінен прагназаваць, аналізаваць, а не канстатаваць. У выніку – забяспечыць рэзультатыўную работу па ўсіх напрамках.
Пракурор раёна Леанід Палевіч акцэнтаваў увагу сельгаспадарнікаў на пытаннях, на якія неабходна звярнуць увагу ў першую чаргу.
Пытанні будаўніцтва і правядзення капітальнага рамонту жылога фонду і сацыяльных аб’ектаў знаходзяцца на пастаянным кантролі старшыні райвыканкама. Да прыкладу, капрамонт дома № 59 па вуліцы Савецкая павінен быць завершаны да 20 лістапада. Асаблівая ўвага звернута на якасць выкананых работ. З гэтай мэтай аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах мола­дзі і аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама правялі маніторынг сярод жыльцоў дома. На сустрэчы прысутнічалі не ўсе кватэранаймальнікі, таму кіраўнік раёна даручыў вывучыць меркаванне жыльцоў кожнай кватэры, ці задаволены яны якасцю рамонту? “Робім для людзей”, — падкрэсліў Дзмітрый Бачкоў.
На апаратнай нарадзе разгледжана пытанне занятасці насельніцтва. Так, на ўліку ў аддзеле занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама састаіць 60 чалавек. Узровень беспрацоўя на дадзены момант складае 0,5, каэфіцыент напружанасці на рынку працы – 0,4. Старшыня райвыканкама акцэнтаваў увагу на актывізацыі работы па навучанні і перанавучанні кадраў, павышэнні іх прафесійнага майстэрства.
Пытанні разлікаў за спажытыя энергарэсурсы, навядзення парадку ў горадзе і сельскіх населеных пунктах, арганізацыі перадсвяточных кірмашоў і шэраг іншых таксама былі абмеркаваны на апаратнай нарадзе, па выніках якой падрыхтаваны пратакол даручэнняў.
Таццяна Іўкіна.

Добавить комментарий